Your company
2020
Лічбы і факты

Глушэц — птушка года 2020

Шаноўныя сябры!


Арлец, глушэц, ляляк. Мяняюцца птушкі, ляцяць гады. Цяжкі для беларусаў выдаўся 2020 год,
і 2021 пачаўся не вельмі аптымістычна. Многія з нас напэўна хацелі б хутчэй зазірнуць ў 2022,
якое жыццё будзе там? АПБ спрабавала роўна працаваць у мінулым годзе.
Што атрымалася, прадстаўляем тут на ваш суд. Вышэй галаву, сябры!
Усё будзе так, як вы захочаце.

З павагай, шчыра ваш,

Аляксандр Вінчэўскі
Дырэктар АПБ
Віды
У зімовых уліках каляводных птушак узялі ўдзел 217 чалавек, якія налічылі 23026 асобін 30 відаў птушак.
На Палессі праверылі ўсе вядомыя 55 гнездавых участкаў вялікага арляца. Выяўлена 38 жылых гнёздаў. З іх 22 былі вядомыя раней, а 16 гнёздаў знайшлі ў 2020 годзе. Новыя знойдзеныя гнёзды не азначаюць новых пар вялікага арляца. Хто жыве ў іх, праверым у 2021 годзе.
У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях уведзены пяцігадовы мараторый на паляванне на заходнееўрапейскі падвід глушца.
Выяўлена каля 100 новых месцаў пражывання жывёл і вырастання раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Для іх экспертамі ў межах праекту "Палессе - дзікая прырода без межаў" рыхтуюцца пашпарты і ахоўныя абавязацельствы.
У кастрычніку захавальнікі ТВП "Балота Ельня" налічылі 7500 шэрых жураўлёў, якія адпачывалі тут на міграцыі.
Гэта рэкордная лічба.
Сябры Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных (РГСС) пабудавалі штучныя гняздоўі для рэдкіх відаў: 22 платформы для скапы і шэсць для арла-маркута, адну для пугача, усталявалі чатыры будкі для сіпухі, два домікі для сыча-сіпеля, падрыхтавалі дзве нішы на будынках для пустальгі.
Сябры РГСС знайшлі тры новыя гнязды скапы, знайшлі гняздо арла-маркута. Гэта адзінае вядомае на сёння гняздо маркута ў краіне.








РГСС правяла маніторынг гнёзд арлана-белахвоста на паўднёвым захадзе і ў Паазер'і. Закальцавана 10 птушанят. Таксама правялі маніторынг гнёзд скапы. Закальцавана 26 птушанят.
Сябры РГСС падрыхтавалі пашпарты для шасці гнёздаў скапы і аднаго гнязда сокала-кабца. Два гнязды скапы ўзяты выканкамамі пад ахову па дакументах, падрыхтаваных сябрамі РГСС раней. Працягваецца праца па перадачы пад ахову гнёздаў па дакументах, зробленых да 2020.
У межах акцыі "Выратуй арляня" спецыялісты АПБ наведалі 17 гнездавых тэрыторый вялікіх арляцоў. Знайшлі 4 новыя гнязды.
ЛРГ у супрацоўніцтве з ВБЦ АПБ падрыхтавала каля 300 пашпартоў і ахоўных абавязацельстваў для рэдкіх відаў. Яшчэ больш за 100 пашпартоў і ахоўных абавязацельстваў падрыхтавана сябрамі ЛРГ у якасці валанцёрскай дапамогі лесагаспадарчым прадпрыемствам.
У базу дадзеных па ахоўных відах, якую стварыла ЛРГ, дададзена больш за 700 месцаў пражывання і росту ахоўных відаў. Сёння у ёй больш за 2000 месцаў пражывання і вырастання каля 150 ахоўных відаў жывёл, раслін і грыбоў.
Сябры Лясной рабочай групы АПБ (ЛРГ) самастойна, а таксама ў межах розных праектаў АПБ здзейснілі палявыя даследаванні на тэрыторыі больш як 30 раёнаў (больш за 20 лясгасаў). Выяўлена каля 500 месцаў пражывання ахоўных відаў жывёл і вырастання раслін і грыбоў.
У 2020 годзе рашэннямі райвыканкамаў пад ахову перададзена больш як 130 месцаў пражывання і вырастання рэдкіх відаў раслін і жывёл, дакументацыя па якіх была падрыхтавана сябрамі ЛРГ. Больш за 3000 га лясоў на Палессі атрымалі спецыяльны ахоўны статус.
На заказ абласнога камітэта Мінпрыроды ў 2020 годзе сябры ЛРГ і Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ у супрацоўніцтве з Водна-балотным цэнтрам АПБ (ВБЦ АПБ) у межах сямі раёнаў ажыццяўлялі маніторынг ахоўных месцаў пражывання жывёл і вырастання раслін. Даследавана больш за 200 ўчасткаў. Больш як для паловы з іх абноўленыя ахоўныя дакументы. Інтэнсіўныя двухгадовыя пошукі звычайнага хамяка ў былым арэале яго
Інтэнсіўныя двухгадовыя пошукі звычайнага хамяка ў былым арэале яго пражывання, на жаль, не далі вынікаў.
Для ацэнкі ўплыву новых ЛЭП у Палессі на дзікую прыроду ў межах праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў" у ІЭБ заказана і ім выканана навукова-даследчыцкая праца "Ацаніць уздзеянне будаўніцтва і зместу аб'ектаў лінейнай інфраструктуры на біялагічную разнастайнасць ва ўмовах Рэспублікі Беларусь".
Прааналізавалі дадзеныя з 16 фотапастак на гнёздах вялікага арляца. Сем новых вялікіх арляцоў пазначылі трансмітарамі (двое з іх у Чарнобыльскай зоне). Правялі штодзённы трэкінг 21 вялікага арляца. Сістэматызавалі дадзеныя пра ўсе вядомыя месцы гнездавання вялікага арляца, усяго месцаў 131.
Прыняты і ўнесены ў Правілы палявання і спадарожныя ўказы прапановы АПБ: па выключэнні нырка-сівака з відаў, дазволеных да здабычы вясной, значным павелічэнні велічыні ўрону за незаконную здабычу птушак атрада шулякападобных і атрада непарнакапытных (польскі конік і конь Пржэвальскага), мінімізацыі шкоды за незаконную здабычу відаў-інтрадуцэнтаў - янотападобнага сабакі, андатры, амерыканскай норкі. Указ № 345 ад 16 верасня 2020 г.
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь прыняў і ўзгадніў з Мінлясгасам і НАН Беларусі прапановы АПБ па карэкціроўцы бланка штогадовай статыстычнай справаздачнасці для паляўнічых гаспадарак: з яго выдаленая вымерлая ў Беларусі еўрапейская норка (лясгасы штогод давалі справаздачу аб улічаных норках гэтага віду), замест гадавой здабычы цяпер дадзеныя будуць збірацца па кожным відзе птушак за вясну і восень асобна, прычым канкрэтна колькі здабылі беларусы і замежнікі, будзе збірацца статыстыка дадаткова па здабычы сямі відаў качак і шэрай чаплі (раней былі толькі крыжанка і гогаль, белая чапля).


АПБ прапанавала папраўкі ў Пастанову Савета Міністраў "Правілы аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў", частка з якіх, якія забяспечваюць лепшую абарону генафонду зуброў, была прынятая. ПСМ № 708 ад 7 снежня 2020 г.
У студзені 2020 года выйшаў анімацыйны ролік пра захаванне еўрапейскага вугра "Дапамажы выжыць вуграм!". Ён набраў 5700 праглядаў.
У межах праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў" падрыхтавалі навуковае абгрунтаванне аптымізацыі гідралагічнага рэжыму праектнай тэрыторыі "Нерасня" (2182,9 га) на тэрыторыі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, якая знаходзіцца на землях Мілашэвіцкага лясгаса і ЭЛПГ "Ляскавічы".
Тэрыторыі і экасістэмы
Плошча рэспубліканскага заказніка "Альманскія балоты" пашырыцца амаль на 10 тысяч га да 103934,84 га: да яго дадалі новыя вартыя аховы тэрыторыі. Навуковае тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне падрыхтавана і перададзена ў Савет міністраў у межах праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў".
Лясная рабочая група АПБ у супрацоўніцтве з Водна-балотным цэнтрам АПБ падрыхтавалі планы кіравання па КАА (Каштоўнасцях асаблівай аховы) для чатырох лесагаспадарчых прадпрыемстваў. Захаванне КАА – адзін з эфектыўных механізмаў аховы прыроды і ў тым ліку лясных экасістэм, якія выкарыстоўваюцца ў рамках лясной сертыфікацыі FSC. Кожнае сертыфікаванае лесагаспадарчае прадпрыемства павінна вызначыць і захоўваць КАА. Да іх, згодна з актуальнай канцэпцыяй КАА для Беларусі, адносяцца, напрыклад, ААПТ, Тэрыторыі, важныя для птушак, тэрыторыі Смарагдавай сеткі і іншыя ахоўныя прыродныя тэрыторыі, створаныя для захавання месцаў канцэнтрацыі біялагічнай разнастайнасці (КАА-1). Напрыклад, да КАА-3 адносяцца рэдкія і тыповыя біятопы.
Сябры ЛРГ правялі маніторыг сайтаў 8 лясгасаў, палявыя праверкі выканання патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і FSC у 12 лясгасах. Падрыхтавалі і накіравалі ў лясгасы і аўдытарскім кампаніям заўвагі, каментары і прапановы па недахопах і паляпшэнні якасці вядзення лясной гаспадаркі згодна з патрабаваннямі FSC для 5 лясгасаў. Сябры ЛРГ узялі непасрэдны ўдзел як назіральнікі і эксперты ў больш як 10 аўдытах. На сайце brestnatura.org рэгулярна публікуецца графік аўдытаў па сістэме FSC.
У межах праекта "Практычны погляд на аднаўленне тарфянікаў на нацыянальным узроўні: Беларусь" створаная база дадзеных, якая ўключае 1625 тарфянікаў агульнай плошчай 363.400 га. З іх 5 тэрыторый агульнай плошчай больш за 5000 га – прыярытэтныя для аднаўлення да 2025 года.

Прыбралі смецце і пабудовы на месцы 60 нелегальных летнікаў збіральнікаў ягад у заказніках "Альманскія балоты" і "Стары Жадзен" з удзелам супрацоўнікаў лясгасаў і валанцёраў.

Балота Тапіла дададзена ў базу BirdLife як новая патэнцыйная тэрыторыя, важная для птушак, міжнароднага значэння.


Лясная рабочая група АПБ падрыхтавала і перадала спецыялістам НАН Беларусі межы для больш як 10 патэнцыйных новых тэрыторый Смарагдавай сеткі.
У межах Мемарыяльнай праграмы падтрымкі маладых даследчыкаў імя Сяргея Абрамчука (1984–2010) у 2020 годзе была даследавана тэрыторыя, дзе плануецца будаўніцтва дарогі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, падрыхтаванае дапаўненне да АУНА (ОВОС).
Самастойна, а таксама ў супрацоўніцтве з Водна-балотным цэнтрам АПБ, ЛРГ працавала над вылучэннем рэдкіх і тыповых біятопаў на тэрыторыі 10 раёнаў. Падрыхтавана і ўнесена ў базу дадзеных больш за 500 пашпартоў і ахоўныя абавязацельствы для больш чым 40 тысяч га рэдкіх і тыповых біятопаў. Сёння ў гэтай базе налічваецца каля 1000 пашпартоў па біятопах агульнай плошчай больш за 60 тысяч га.
У межах праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў" падрыхтавалі навуковае абгрунтаванне аптымізацыі гідралагічнага рэжыму праектнай тэрыторыі "Нерасня" (2182,9 га) на тэрыторыі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, якая знаходзіцца на землях Мілашэвіцкага лясгаса і ГЛХУ "Милошевичский лесхоз" и ЭЛПГ "Ляскавічы".
Правялі пяць трэнінгаў па падтрымцы сеткі захавальнікаў на Ельні. Колькасць удзельнікаў склала 20 чалавек (28.02.2020), 12 чалавек (27.03.2020), 12 чалавек (17-18.07.20), 15 чалавек (2-3.10.20) і 11 чалавек (4.12.20). Падчас трэнінгаў знайшлі тры гнязды драпежных птушак, адно з іх - арлана-белахвоста, а таксама месцы вырастання пяці ахоўных відаў раслін, два з якіх не былі вядомыя для заказніка.
Людзі і арганізацыя
Адразу 2 каманды пабачылі 125 відаў птушак за 12 гадзін падчас Чэмпіянату па спартыўнай арніталогіі. У чэмпіянаце ўдзельнічалі 12 каманд.
Больш за 700 чалавек на 32 арганізаваных сустрэчах даведаліся пра асаблівасці біялогіі і праблемы выжывання звычайнага хамяка, рабога сусліка і палятухі, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі.


Барысаўскае раённае аддзяленне АПБ арганізавала і правяло Школу
і Акадэмію бёрдвочынгу.

У зімовым і восеньскім Чэмпіянатах па фотабёрдынгу ўзялі ўдзел 125 чалавек.

АПБ у 2020 годзе - гэта 2169 сябраў, 115 новых валанцёраў і 14 мясцовых аддзяленняў.
5736 беларускіх рублёў на захаванне кулікоў і падтрымку дзейнасці Тураўскай станцыі кальцавання птушак было сабрана на платформе MolaMola. На гэтыя грошы ўжо набытыя байдарка, сеткі, каляровыя кольцы, адбыўся рамонт вышкі для назіранняў. Дзякуй усім, хто падтрымаў нас у кампаніі.
Нацбанк выпусціў дзве манеты, а Белпошта - марку, канверт і спецыяльны штэмпель з выявай птушкі 2020 года глушцом.
У Фэйсбуку АПБ мае 7135 падпісчыкаў, у ВКонтакте - 6490, у Твітары - 972. Колькасць падпісчыкаў на Youtube і Telegram-каналы АПБ вырасла за год удвая і склала 542 и 700 чалавек адпаведна. Таксама вельмі падрасла аўдыторыя ў Instagram (на 70%) і ў Аднакласніках (на 78%) - у гэтых сацсетках на канец 2020 года ў АПБ было 8558 і 1379 падпісчыкаў адпаведна. У Telegram-чаце "Ціў-ціў!" удзельнічаюць 518 птушкароў, а ў наваствораным Telegram-чаце "Птушка з фотастужкі" 196 чалавек дзеляцца з АПБ сваімі фота.
АПБ у межах праекта "Палессе - дзікая прырода без межаў" перавыдала даведнік для захавальнікаў дзікай прыроды з улікам зменаў у заканадаўстве і практыцы.
4 раёны выбралі і афіцыйна зацвердзілі сабе птушку-сімвал: Капыльскі (вясковая ластаўка), Дзяржынскі (сіняя сініца), Докшыцкі (лебедзь-шыпун), Глыбоцкі (шпак).
АПБ рэгулярна згадвалася на найбуйнейшых парталах краіны onliner.by і tut.by, у такіх буйных газетах як "Камсамольская праўда" ды "Аргументы і факты", трапляла ў топавыя навіны байнэту, а першае знятае ў Беларусі відэа з палятухай трапіла ў студзені 2020 года ў топ-14 відэа рунэту. Цікавыя матэрыялы (у тым ліку і па-ангельску) выходзілі ў часопісе OnAir, які выдаецца пасажырам самалётаў авіякампаніі Belavia. На сайце глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International, партнёрам якой з'яўляецца АПБ, выйшаў артыкул пра аднаўленне балота Дзікога ў Белавежскай пушчы. А на сайце нашых кіпрскіх партнёраў па BirdLife выйшла навіна пра вялікага зуйка, які прыляцеў да іх з Турава. АПБ згадвала расійскае "Радыё Камсамольскай праўды", сайт National Geographic Россия, часопіс "Вокруг света". Спецыялістка АПБ Віталіна Лабанава дала інтэрв'ю пра водны шлях Е40 аргентынскаму радыё.
АПБ і грамадская арганізацыя "Багна" стварылі мапу з 10 маршрутамі для самастойных сплаваў па Прыпяці і яе прытоках у межах акцыі "Прыпяць, дай пяць!". У сплавах паўдзельнічалі не менш за 50 чалавек. Мапу прагледзела больш за 21 тысячу чалавек.
Кааліцыя грамадcкіх арганізацый, у тым ліку АПБ, выступіла супраць прыняцця ўказа, які дазваляе выбарачна вызваляць арганізацыі, прадпрымальнікаў і грамадзян ад выплаты шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Улады прыслухаліся да нашай аргументацыі і не далі ходу праекту ўказа.
У традыцыйных штогадовых акцыях і кампаніях АПБ паўдзельнічала 14404 чалавекі.

У падтрымку кампаніі "Птушка года Беларусі", выдавецтва "Народная Асвета" выпусціла кнігу Віктара Гардзея "Птушка года Беларусі 2000 – 2020". Там аўтар займальна і дасціпна расказвае пра птушак года, а вершы і нарысы пра птушак Беларусі суправаджаюцца шматлікімі здымкамі вядомых беларускіх фатографаў – Сяргея Зуёнка, Паўла Лычкоўскага, Паўла Новікава, Уладзіміра Бондара, Дзмітрыя Якубовіча, Мікалая Вараб'я, Мікалая Гулінскага, Таццяны Раманавай, Сяргея Чарапіцы.
У Мёрскім раёне праведзена шмат мерапрыемстваў для мясцовых жыхароў. Тэматыка ахоплівала і падрыхтоўку мясцовых гідаў, і трэнінгі для мясцовых майстроў, і навучанне птушкароў. Усяго ў Мёрах у рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён" адбылося 16 мерапрыемстваў для развіцця і ўмацавання мясцовай супольнасці і патэнцыялу мясцовых жыхароў, якія абʼядналі 340 чалавек.



Педагогі Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў зладзілі цыкл майстар-класаў, прысвечаных супергрызунам. У кастрычніку 2020 года ў Слуцкім раёне прайшоў экалагічны конкурс "Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!" у падтрымку аднайменнай ініцыятывы АПБ. Усяго ў мерапрыемствах, прысвечаных супергрызунам, паўдзельнічала больш за 260 навучэнцаў Слуцкага раёна.
Будзь з намі — дапамагай прыродзе!
Спонсары і партнёры АПБ у 2020
Разам для дзікай прыроды!

На старонцы выкарыстаныя фота наступных аўтараў: Сяргей Зуёнак, Віталіна Лабанава, Юрый Янкевіч, Андрэй Абрамчук, Дзяніс Кіцель, Дзмітрый Грумо, Марыя Шуманская, Васіль Грычык, Сямён Левы, Юры Струкаў, Алеся Башарымава, Андрэй Кот, Алена Шокель, Мікалай Чэркас, архіў АПБ.
Made on
Tilda